Андрэй Бахно: «Маглі быць у чацвёрцы …»

На працягу чэмпіянату краіны сярод каманд першай лігі ФК «Граніт» паказваў хуткі, цікавы, камбінацыйны футбол, які радаваў вока і прыносіў вынік. Але так было не заўсёды… Пакуль «гранітаўцы» накіраваліся на невялікую паўзу, вырашылі пагутарыць з адным з кіраўнікоў клуба Андрэем Бахно, каб падвесці вынікі мінулага сезона.

Як ацэньваеце гульню каманды ў цэлым?

– Нягледзячы на тое, што завяршылі сезон на 9-ай пазіцыі, правальным сезон нельга назваць. Летась спыніліся на восьмым радку турнірнай табліцы. Уявіце, трэці год запар  у нас самая маладая каманда ў першай лізе. У пачатку чэмпіянату трэнерскі штаб узначаліў Мікалай Бранфілаў, які меў пэўны вопыт работы і некаторы час працаваў разам з Анатолем Юрэвічам (“Энергетык-БДУ”). Аднак, не атрымалася. У канцы першага круга па ўзаемнай згодзе развіталіся з ім. А ў міжкругавым перапынку – з 9 ігракамі. У гэты ж час правялі “селекцыю” і запрасілі ў каманду тых, у кім сапраўды меў патрэбу клуб. У іх ліку Максім Хутко, Раман Козел, Ілья Любаеў. У другім крузе “гранітаўцы” дэманстравалі ўпэўненую гульню як у абароне, так і ў нападзенні. Думаю, калі б  першую палову чэмпіянату правялі на такім жа ўзроўні, маглі б замацавацца на трэцяй-чацвёртай пазіцыі.

– Узровень каманд-сапернікаў быў высокі?

– Відавочна, але мы даказалі, што можам многім скласці канкурэнцыю, нягледзячы на тое, што некаторыя клубы ўкамплектаваны вопытнымі ігракамі з добрай гульнявой практыкай. Так, у другім крузе мы прайгралі ўсяго тры матчы – “Белшыне”, (яна разам са “Смалявічамі” заваявала пуцёўкі ў вышэйшы дывізіён на наступны сезон), мінімальна – “Руху”, які таксама не згубіў шанцаў на “эліту”, і “Нафтану” – у дамашнім паядынку. Годна згулялі з “Лакаматывам” і “Спадарожнікам”, якія ўтрымліваюць высокія пазіцыі.

– Які матч у сезоне лічыце лепшым, а які горшым?

– Самым важным і адметным – перамогу над “Лідай” 2:1 у 11-ым туры. Пасле змены трэнера мы з Александрам Вопсевым унеслі карэктывы ў трэніровачны працэс, дапамаглі ігракам паверыць у сябе. Горшай, здаецца, буйное паражэнне ў Лунінцы ад “Руха” – 0:5. У апраўданне заўважу, што тады быў складаны тыдзень, калі давялося гуляць яшчэ з “НФК” і з мінскім “Дынама”.

– Ці можаце выдзеліць каго-небудзь з ігракоў?

– Безумоўна. Станіслаў Гнядзько, як і належыць капітану, аддаваўся на полі на 100 працэнтаў і быў прыкладам для астатніх ігракоў. Моладзь ішла за ім, а гэта дарагога варта. На магу не адзначыць выхаванца мікашэвіцкага футбола Андрэя Леўкаўца. Лепшым нападаючым каманды адназначна стаў Іван Верас, які забіў у сезоне 15 мячоў і ўвайшоў у тройку лепшых бамбардзіраў чэмпіянату. Дзмітрый Каплуноў… Ды, наогул, у нас была выдатная каманда, у якой заўсёды панавалі сяброўскія адносіны, пачуццё ўзаемавыручкі і самааддача. З такім “Гранітам” прыемна працаваць.

– Будзеце імкнуцца захаваць асноўны касцяк каманды на наступны сезон?

– Гэта няпроста зрабіць. У лістападзе адразу трох ігракоў прызвалі на службу – Івана Юрына, Антона Белязяка і Яўгена Бабрука. Нярэдка нашы ігракі трапляюць у поле зроку каманд вышэйшай лігі і з імі заключаюць кантракты. Гэта нармальна і радуе, калі футбаліст, прайшоўшы загартоўку ў нашым клубе, працягвае прафесійны рост. І ўсё ж, спадзяюся, што многія выкажуць жаданне надалей выступаць за “чырвона-сініх”.

На дамашніх матчах за падзеямі на футбольным полі назірала не вельмі шмат балельшчыкаў. Як на вашу думку, гэта ўплывае на тое, што каманда не заўсёды можа “раскрыцца” да канца?

– Перш-наперш, мы гуляем менавіта для балельшчыкаў. Таму іх прысутнасць на матчах вельмі важная. Гэта дадатковы стымул! Няхай іх пакуль не так многа, але яны шчырыя, адкрытыя і сапраўдныя сябры. Паверце, мы заўсёды гэта адчуваем. Таму шчыры ўсім дзякуй. Нам было прыемна праводзіць дамашнія паядынкі на стадыёне “Палессе”. Зразумела, што ў глыбіні душы нам хацелася б бачыць такую падтрымку, як на матчы “Дынама” (Брэст) – “Віцебск”. Гэты матч стаў вырашалным у барацьбе за чэмпіёнскі тытул. І нашы землякі даказалі, што на сённяшні дзень яны мацнейшыя ў краіне. Мы віншуем дынамаўцаў, кіраўніка клуба Аляксандра Зайцава і трэнерскі штаб з заслужанай перамогай у чэмпіянаце. Разумею, што чым лепш будзем гуляць, тым больш балельшчыкаў будзе наведваць нашы матчы. Абяцаю, што ў наступным сезоне прыкладзем усе намаганні для гэтага!

Футбольны клуб выказвае шчырую ўдзячнасць за садзеянне і падтрымку РУВП “Граніт” і генеральнаму дырэктару Эдуарду Гаўрылковічу, а таксама старшыням: Брэсцкага аблвыканкама – Анатолю Лісу, Лунінецкага райвыканкама – Аляксандру Пачко і ўсім, хто дапамагаў камандзе на працягу сезона.

Гутарыла Алена ДАНІЛОВІЧ.