Помнік для блогера

Не ведаю, ці запомніліся чым мінулыя выхадныя для жыхароў Мікашэвіч, але ў тым, што іх няхутка забудзе адзін з “раскручаных” блогераў апазіцыйнага толку (сябе ён пазіцыянуе як “влогера” – відэаблогера), упэўнена. У Мікашэвічы ён ехаў не столькі на юбілей любімай цешчы, колькі з намерам пабываць у найбольш ажыўленым месцы і пагаварыць з людзьмі, загадзя спадзеючыся на адкрытыя выказванні супраць кіраўніка дзяржавы. Гэткі “заказняк” у пярэдадзень адказнай кампаніі – выбараў Прэзідэнта краіны.

Зразумела, што найбольш ажыўленым месцам у выхадныя з’яўляецца гарадскі рынак. Яго і выбраў для свайго маршруту самаабвешчаны тэлевізіёншчык. У інтэрнэце вялася анлайн-трансляцыя яго займальнай прагулкі па гандлёвых радах.
Мікашэвічы – рэгіён асаблівы. Тут шмат прыезджага люду, які, тым не менш, аніяк нельга аднесці да тых, каго называюць “перакаці поле”. За час жыцця на Палессі многія з тых, хто некалі прыехаў працаваць на камбінат нярудных матэрыялаў, прызвычаіліся да побыту, прынялі сэрцам новыя мясціны, урэшце – выгадавалі тут дзяцей і дачакаліся ўнукаў. Дык чаму Беларусь не будзе для іх роднай?

Якраз гэта і не ўлічыў наш нечаканы госць. А ў тым, што нечаканы, сумнявацца не даводзіцца. Нават з абяцанай вялікай, па яго запэўніванню, колькасці мікашэвіцкіх падпісчыкаў яго каравуліў толькі дзіўнаватага выгляду мужчынка. Не назіралася шлейфу з самаадданых прыхільнікаў і пад канец экскурсіі. І гэта нягледзячы на тое, што раз-пораз блогер завабліваў апанентаў нейкімі сувенірамі, маўляў, ідзіце, там вам кепачку дадуць.

Купляліся на гэта нямногія. Прыкрай здзіўленасці з такой нагоды вядучы нават не хаваў: во, маўляў, цемра, во “быдла” (слова з лексікі “влогера”), я, такі важны ды самавіты, сапраўдны “цуд з камерай”, да іх прыехаў, а яны нават гаварыць не хочуць.

Далей – болей. Зняважліва зірнуўшы на асартымент тавараў у гандлёвых палатках, паздзекваўшыся над цэнамі – “бы ў Афрыцы” (Цікава, ці даўно сам адтуль?), інтэрнэтны дзеяч спыніўся каля павеці, дзе бралі заказы на надмагільныя помнікі: во, маўляў, самы хадавы тавар. Блазнавата спытаў, ці ёсць скідкі блогерам? Як аказалася, няма.

Дарэмна спадзяваўся прыезджы «гастралёр» раскруціць мясцовых жыхароў правакацыйнымі пытаннямі, на якія сам жа, у большасці выпадкаў, і адказваў. На яго здзіўленне, людзі, хоць і скардзіліся іншы раз на жыццё, на пытанне, ці можна пражыць на пенсію ці зарплату ў большасці выпадкаў давалі станоўчы адказ. А прапанову з’ехаць з краіны ў замежжа нярэдка ўспрымалі, ні больш ні менш – як балбатню “гарадскога вар’ята”. Гэта ўрэшце вывела з раўнавагі самаўпэўненага “хадака”: “Есть ощущение, что народ здесь забитый”, — безапеляцыйна канстатаваў каментатар.

Завяршыць відэарад планавалася дэманстрацыяй жудаснай антысанітарыі ў ваколіцах рынка. Гэта таксама не ўдалося: ваколіца бы ваколіца, смецце не валяецца. Нават нудны дождж не сапсаваў малюнка, хоць і напоўніў вадой знятую буйным планам яміну ў асфальце.

Не спраўдзіліся вялікія абяцанні паказаць у Мікашэвічах “глыбінку” знутры і яскрава прадэманстраваць, як асуджаюць тут “апошняга дыктатара Еўропы”. Хто-ніхто не ўтойваў, што на выбары не хадзіў раней і не пойдзе зараз. Што ж, гэта іх права. Як і права прагаласаваць супраць. Але большасць з тых, хто ішоў на кантакт, выказваліся за спакой і парадак у краіне, гаварылі, што падтрымліваюць Прэзідэнта. Гэта проста дабіла “слыннага госця”. “Не Мікашэвічы, а Лукашэвічы”, — злосна рэзюмаваў ён.

Відаць, па гэтай прычыне быў вынесены вердыкт пра тое, што ўвесь народ з гэтай краіны (Беларусі — аўт.) трэба пагрузіць у аўтобусы і вывезці. Мабыць, у рэзервацыю. Знаёмыя падыходы. І тады, відаць, баль будуць правіць падобныя гэтаму блогеру. Тыя, хто ненавідзіць Беларусь і яе народ, хто не ўмее і не хоча чуць чужое меркаванне, не кажучы пра тое, каб элементарна яго паважаць.