«Ад прадзедаў спакон вякоў…»

Яскрава і самабытна ў Любанскім СДК прайшоў вечар беларускага фальклору.

Дзякуючы такім мерапрыемствам, адраджаюцца слаўныя традыцыі, захоўваецца творчая спадчына і самабытнасць народнага мастацтва. На свята сабралося многа людзей, якія мелі магчымасць акунуцца ў старадаўнюю атмасферу. Перад пачаткам вечара гледачы ўбачылі сялянскую хату, аформленую ў фае СДК. Тут жа размясцілі цудоўную выставу работ майстроў народнай творчасці.

Свае песні і гумар вяскоўцам падарылі ансамбль песні “Крынічанька” ГДК (мастацкі кіраўнік Валянціна Коваль), фальклорны ансамбль “Шляхта” Лахвенскага СДК (Ніна Дземідовіч), народны фальклорна-этнаграфічны калектыў “Надзея” Кажан-Гарадоцкай сельскай бібліятэкі-клуба (Людміла Зіміч) і фальклорны калектыў “Росы Палесся” Любанскага СДК (Раіса Шумак).

Напрыканцы свята словы шчырай удзячнасці ўсім удзельнікам выказала былы загадчык аддзела культуры Галіна Мар’іна, якая пажадала калегам моцнага здароўя, поспехаў і творчага натхнення.

Ірына ПІСКУН, метадыст раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра.