Кантракт па-новаму, дэкрэт для бацькі і фрыланс замацаваны ў абноўленым Працоўным кодэксе

Пашырэнне сацыяльна-працоўных гарантый, дыстанцыйная работа і дэкрэтны адпачынак для бацькоў… Дакумент, які ўступіў у сілу 28 студзеня гэтага года, заканадаўча замацаваў самыя важныя і значныя змяненні. Усяго іх унесена больш за 200. Што важна ведаць работніку і наймальніку? Пра гэта гутарым з юрыстам райвыканкама Юрыем РАЦЫКАМ:

– Змены, у першую чаргу, накіраваны на абарону правоў работнікаў і пашырэнне паўнамоцтваў наймальнікаў. Сфармуляваны паняцці: «кантракт», «адзінокі бацька», «працоўная функцыя», «пасада служачага», «прафесія рабочага». Заканадаўца ўстанавіў асобыя гарантыі. Ён абавязвае наймальніка заключыць кантракт з добрасумленным работнікам, якому да пенсіі засталося менш за 2 гады, на тэрмін, які яны агаворваюць, але не менш чым да дасягнення агульнаўстаноўленага                       пенсіённага ўзросту. Таксама цяпер пры прыёме на работу наймальнік мае права запытаць характарыстыку з папярэдніх месцаў работы, якая павінна быць выдадзена на працягу пяці каляндарных дзён з дня атрымання адпаведнага запыту.

– У змененым кодэксе паявілася такое паняцце, як «дыстанцыйная работа». Што маецца на ўвазе?

– Новы раздзел рэгулюе адносіны работніка і наймальніка пры выкананні работы ў мабільным рэжыме, так што прафесіяналы, якія працуюць на карысць кампаній аддалена, будуць рабіць гэта легальна. Наймальнікі прапануюць «дыстанцыёншчыкам» кантракт або дагавор, як і офісным супрацоўнікам. Нормы працягласці рабочага часу і адпачынку ў тых і іншых спецыялістаў аднолькавыя.

– У новай рэдакцыі ёсць асобны раздзел «Асаблівасці рэгулявання працы работнікаў, з якімі заключаюцца кантракты». З чым звязана?

– Кантрактная форма найму дзейнічае ў нашай краіне ўжо два дзесяцігоддзі, і сёння гэта ўстойлівая прававая сістэма, якая шырока прымяняецца на практыцы. Таму вырашана ўнесці яе ў ПК, які рэгулюе ўсе формы працоўных адносін. Новая глава аб’яднала ў сабе ўсе палажэнні аб рэгуляванні кантрактнай формы найму, якія да гэтага былі адлюстраваны ў Дэкрэце Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб дадатковых мерах па ўдасканаленню працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны» і іншых нарматыўных прававых актах.

– Поўная матэрыяльная адказнасць для тых, хто працуе па кантракце, цяпер не актуальна?

– Істотным змяненнем стала тое, што для працуючых па кантракце выключана поўная матэрыяльная адказнасць, якая раней была прадугледжана названым вышэй Дэкрэтам. Існавала розніца паміж тымі, хто працуе па кантракце, і тымі, хто па працоўных дагаворах на нявызначаны тэрмін. Для першых гэтая норма дзейнічала, прычым, у даволі жорсткай форме. У падобным падыхо-дзе прафсаюзы ўбачылі сацыяльную несправядлівасць. Пытанне разглядалася рабочай групай, якая рыхтавала змены ў ПК, дэпутатамі, і было прынята рашэнне, што ў дадзеным выпадку нормы павінны быць аднолькавымі для ўсіх работнікаў, незалежна ад віду працоўнага дагавора.

– Ці змяніліся правілы падаўжэння кантракта?

– Цяпер замацавана норма, што першы кантракт у наймальніка заключаецца на адзін год. Гэта абгрунтавана, год – той перыяд, калі наймальнік можа зразумець, наколькі работнік здольны прыносіць карысць арганізацыі, а работнік у сваю чаргу – ацаніць умовы працы. Але пасля заканчэння гадавога тэрміну абодва бакі павінны прыняць рашэнне. Калі наймальнік гатовы працягваць працоўныя адносіны, у яго з’яўляецца абавязак падоўжыць кантракт адразу на 4 гады чалавеку, у якога няма дысцыплінарных спагнанняў. У працаўніка ў гэтай сітуацыі больш выгаднае становішча – ён можа папрасіць скласці з ім кантракт на меншы тэрмін. Гэта жаданне павінна быць выказана пісьмова. А наймальнік павінен ацаніць, ці задавальняе яго такі варыянт. Калі заключаецца кантракт, то і работнік, і наймальнік павінны ўсведамляць, хто і якія разлікі будуе на гэты перыяд, і адпаведна вырашаць, які тэрмін задаволіць абодва бакі. Яны павінны дамовіцца паміж сабой, а пастаўленыя подпісы пад кантрактам азначаюць згоду ўзяць на сябе абавязацельствы захаваць працоўныя адносіны на пэўны тэрмін. Пасля таго, як чалавек адпрацуе кантракт у пяць год і пры гэтым не будзе мець дысцыплінарных спагнанняў, наймальнік абавязаны прапанаваць яму падаўжэнне на тры гады.

– Ці давядзецца падпісваць новы кантракт цяпер, пасля ўступлення ў сілу абноўленага ПК, і што гэта азначае для работнікаў: заключэнне новага кантракта на новы тэрмін або дадатковае пагадненне ў рамках дзеючага дакумента?

– Пасля ўступлення ў сілу новага кодэкса некалькі змянілася сама форма кантракта. Пры гэтым новая яго рэдакцыя захоўвае ўсе ўмовы папярэдняга. У цэлым дакумент стаў больш ёмістым – у ім няма падрабязнага пераліку тых ці іншых умоў, але ёсць спасылкі на заканадаўства аб працы. Гэта больш зручны варыянт. Работадаўцы павінны былі да 28 студзеня прывесці ўсе кантракты ў адпаведнасць з заканадаўствам і аформіць дадатковыя пагадненні, у якіх дакумент будзе выкладзены ў новай рэдакцыі. Гэта чыста тэхнічны момант – прывядзенне кантракта ў адпаведнасць з новым заканадаўствам, і супраць гэтага работнік пярэчыць не можа, ён абавязаны падпісаць дадатковае пагадненне. Але магчыма, наймальнік адначасова будзе прапаноўваць і новыя ўмовы ад сябе. І права работніка пагадзіцца з гэтымі зменамі ці не. Важна: падпісваючы любы дагавор, яго трэба папярэдне прачытаць. І кантракты – не выключэнне.

– У новым Працоўным кодэксе зменена норма, якая датычыць матэрыяльнай адказнасці работнікаў за прычынены наймальніку ўрон. Можна даведацца   пра гэта больш падрабязна?

– Раней наймальнік мог перакласці на работніка штраф, які наклаў кантралюючы або наглядны орган. Пры гэтым сумы былі вялікія. Зараз так не дапушчальна. Таксама новая рэдакцыя кодэкса канкрэтызуе, што з’яўляецца матэрыяльным уронам. Цяпер улічвацца будзе толькі рэальны ўрон. Прычым, калі яго памер не перавышае трох сярэднямесячных заробкаў работніка, наймальнік мае права ва ўстаноўленым парадку ўтрымаць гэту суму з зарплаты, не даводзячы справу да суда.

– Адна з самых абмяркоўваемых нормаў – два тыдні адпачынку для бацькі ці айчыма ў сувязі з папаўненнем сям’і…

– Таты зараз могуць звярнуцца з заявай да наймальніка на працягу шасці месяцаў з моманту нараджэння дзіцяці і на законных падставах папрасіць 14-дзённы тайм-аўт, каб па-дзяліць з жонкай клопат аб немаўляці. Такі адпачынак не аплачваецца (калі іншае не прадугледжана ў калектыўным дагаворы), не ўплывае на працягласць працоўнага водпуску, а таксама не закранае дэкрэтны адпачынак маці. Акрамя добрых навін для тат, у кодэксе ёсць змены, якія датычаць і працуючых мам, у якіх ёсць дзеці да трох год. Зараз жаданне працаваць больш дазволенага і, адпаведна, больш зарабляць абмяжоўваць не будуць – жанчынам даецца магчымасць самастойна рабіць выбар. З пісьмовай згоды наймальнік зможа прыцягваць іх да звышурочных заданняў і адпраўляць у дзелавыя паездкі. Абмежаванні застануцца толькі для цяжарных.

– Камусьці месяца  для рэлакса мала, а хтосьці не любіць доўга адпачываць. Ці можна ў свой законны адпачынак падзарабіць?

– Цяпер супрацоўніку, які ўзяў адпачынак па асноўным месцы работы, дазволяць працаваць на поўную стаўку па сумяшчальніцтву. Раней можна было пайсці да іншага работадаўцы толькі на паўстаўкі. Такая навіна актуальна для тых, у каго працяглыя адпачынкі і хто хоча папрацаваць у гэты перыяд па часовым дагаворы без запісу ў працоўнай кніжцы.