БУДЗЬ АСЦЯРОЖНЫМ, МАТАЦЫКЛІСТ!

З прыходам вясны павялічылася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў і скутэрыстаў. Сёлета ў нашым раёне такіх зарэгістравана 17. У выніку 18 чалавек атрымалі пакалечанні. Віноўнікамі пяці ДТЗ сталі асобы ў нецвярозым стане.

Кожны трэці матацыкл, зарэгістраваны ў рэспубліцы, мае “прапіску” ў нашай вобласці. У той жа час значная іх колькасць не эксплуатуюцца: памянялі ўладальнікаў, няспраўнымі стаяць у гаражах ці наогул разукамплектаваны. Аднак і тыя, што застаюцца на хаду, прыносяць нямала турбот. Нярэдка ўпраўляюць імі падлеткі без вадзіцельскага пасведчання. Ускладняецца ўсё грубымі парушэннямі эксплуатацыі названай тэхнікі. Статыстыка сведчыць, што прыкладна 15 працэнтаў ДТЗ адбываюцца па віне матацыклістаў ва ўзросце ад 16 да 22 год.

У мэтах захавання здароўя і жыцця людзей, нармалізацыі дарожна-транспартнай абстаноўкі на тэрыторыі Лунінца і раёна Дзяржаўтаінспекцыяй з прыцягненнем іншых служб міліцыі будзе праводзіцца спецыяльная акцыя, у ходзе якой самая пільная ўвага будзе ўдзелена ўладальнікам мотатранспарту. Не выключана суцэльная праверка асоб, якія маюць матацыклы. Пры гэтым асаблівая ўвага будзе звернута на адпаведнасць рэгістрацыйных і індэтыфікацыйных нумароў звесткам, пазначаным у пасведчаннях аб рэгістрацыі (тэхнічных пашпартах). Адначасова транспарт будзе праходзіць праверку па базе ўкрадзеных матацыклаў. Пры выяўленні матацыклаў без пасведчанняў аб рэгістрацыі або са змененымі ідэнтыфікацыйнымі дадзенымі яны будуць дастаўляцца на штрафстаянкі.

Вядома ж, будуць выяўляцца і спыняцца парушэнні Правілаў дарожнага руху. Зразумела, што пры гэтым праваахоўнікі будуць браць пад увагу фізічны стан матацыклістаў, няўнасць вадзіцельскага пасведчання і тэхнічны стан транспарту. Звяртаю ўвагу ўладальнікаў скутэраў імпартнай вытворчасці на наступную акалічнасць. Калі ваш транспарт мае аб’ём рухавіка 50 і больш кубічных сантыметраў і развівае максімальную канструктыўную хуткасць больш к 50 кіламетраў у гадзіну, то ён прыроўніваецца да матацыклаў.