РАМЯНЁМ НЕ ПАЛОХАЮЦЬ – ІМ РАТУЮЦЬ ЖЫЦЦІ

Па статыстычных дадзеных штогод у свеце падчас дарожна-транспартных здарэнняў гіне каля 1,2 мільёна чалавек і больш за 20 мільёнаў атрымліваюць цялесныя пакалечанні або становяцца інвалідамі. Шкада, але жудасныя лічбы не абышлі і наш раён – толькі ў мінулым годзе ахвярамі на дарогах сталі 15 грамадзян. 2009-ты ўжо азмрочаны двума няшчаснымі выпадкамі са смярцельным зыходам.

Віноўнымі ў ДТЗ становяцца як пешаходы, так і вадзіцелі. Уладальнікі транспартных сродкаў іншы раз п’янымі садзяцца за руль, не праходзяць своечасова тэхнічны агляд, забываюць пра рамяні бяспекі. Апошнім двум відам парушэнняў надавалася асаблівая ўвага падчас чарговага рэйду работнікаў Дзяржаўтаінспекцыі і карэспандэнта “ЛН”. Інспектары ДПС Юрый Збралевіч (на здымку) і Андрэй Арашкевіч працавалі літаральна ў дзесятку метраў ад будынка Лунінецкага аддзялення ДАІ. Здавалася б, тут удзельнікі дарожнага руху павінны быць асабліва ўважлівымі. Аднак, па словах начальніка Аляксандра Антановіча, аднойчы менавіта на гэтым месцы затрымалі нецвярозага аўтааматара. Увогуле, па выніках лютаўскай акцыі “Алкаголь” было выяўлена 10 парушальнікаў. Звычайна ў такім выпадку прадугледжана матэрыяльнае пакаранне ў памеры ад 15 да 35 базавых велічынь і пазбаўленне права кіравання транспартным сродкам на 3 гады.

Так сталася, што кожная частка горада вызначаецца сваімі дарожнымі праблемамі: вуліца Чырвоная – несумленнымі пешаходамі, Чапаева – парушэннямі хуткаснага рэжыму, раён паліклінікі – няправільнай паркоўкай. Апошнім часам работнікаў ДПС хвалюе язда на скутэрах без моташлемаў. Згодна са змяненнямі ў Правілах дарожнага руху ад 01.01.2009 г., за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.  

…Безумоўна, гаварыць аб нядбайнасці ўсіх, хто шмат часу праводзіць за баранкай, нельга. Але падчас рэйду двое лунінчан усё ж былі вымушаны паплаціцца за свае абыякавыя адносіны да прынятых правілаў адпаведнымі штрафамі. Звычайна адказам на пытанне, чаму парушылі, было простае “забыліся”. Разам з тым, многія вадзіцелі мелі пры сабе неабходныя дакументы і карысталіся рамянямі бяспекі.

Варта адзначыць, што такія прыстасаванні паніжаюць пры аварыі рызыку атрымання траўм на 40-60 працэнтаў. Аднак нельга забываць: эфектыўнасць рамяня ў многім залежыць ад правільнасці пасадкі, падрыхтаванасці аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. А яшчэ не забывайцеся пра павагу да іншых вадзіцеляў, падмацаваную цвярозасцю думак і адэкватнай ацэнкай сітуацыі. Жыццё паказвае, што гэта дапамагае пазбегнуць многіх непрыемнасцей!