“ЗРОБІМ ЛЕТА БЯСПЕЧНЫМ”

Гэта – дэвіз сёлетняга Адзінага дня бяспекі дарожнага руху. Праводзіцца ён сёння, 29 мая. А 25 мая пачалася спецыяльная акцыя “Увага – дзеці!”. Пройдзе яна да 10 чэрвеня. У ходзе акцыі запланавана правесці шэраг мерапрыемстваў, закліканых папярэдзіць дзіцячы траўматызм на дарогах.

Трывожных падстаў для гэтага нямала. З пачатку года ў вобласці зарэгістравана 31 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, што на 5 больш, чым на такі ж час летась. 32 дзіцяці атрымалі траўмы і пакалечанні. Удумайцеся ў гэтую лічбу – 32 пакалечаныя дзіцячыя жыцці! 

На тэрыторыі нашага раёна з удзелам непаўналетняга зарэгістравана адно дарожна-транспартнае здарэнне. Аднак заспакойвацца няварта. Заканчваецца навучальны год. Дзеці выходзяць з-пад кантролю школы. Педагогі на працягу года стараліся давесці да дзяцей Правілы дарожнага руху, растлумачыць, што ні ў якім разе нельга іх парушаць. 

Але што часцей бачым насамрэч? Ці заўсёды мы, дарослыя, з’яўляемся прыкладам для сваіх дзяцей. Няхай нават і ў такой звычайнай рэчы, як паводзіны на вуліцы. А для малышоў аўтарытэт іх бацькоў наогул непахісны. Таму, як бы мы ні спяшаліся па неадкладных справах, не трэба на вачах у сыноў і дочак пераходзіць вуліцу у неўстаноўленым месцы, перабягаць яе паблізу аўтамабіля, спяшацца на чырвонае святло светлафора. Можа стацца так, што дзеці паўтораць вашы ”манеўры”. Вось толькі свае магчымасці і сілы могуць не разлічыць. А за гэтым – бяда. Ці варта яе чакаць?

Зусім нядаўна з газет і радыё многія маглі даведацца аб трагедыі, якая адбылася ў адным з двароў смаргонскіх шматпавярховак. Там пад коламі аўтамабіля літаральна каля ўласнага па’езда загінула малышка. Аклапаціцеся аб бяспецы ўласных дзяцей. Летам яны позна затрымліваюцца на вуліцы. Няхай абаронай стане для іх флікер. У пэўным сэнсе яго можна параўнаць са страхавым полісам: калі дзіця не заўважыць свечасова набліжаючыся аўтамабіль, то ёсць шанц, што вадзіцель убачыць малыша і паспее папярэдзіць няшчасце.

Лета – цудоўная пара. І дзеці, і дарослыя чакаюць гэтага часу з нецярпеннем. Давайце не будзем азмрочваць яго бядой, якую можна папярэдзіць. Дзяжаўтаінспекцыя РАУС жадае ўсім удачы на дарогах!