СТУДЗЕНЬСКАЯ БЛАКАДА

Адной са складаючых любой паездкі ці пешай прагулкі з’яўляецца… дарога. І каб чарговае падарожжа было камфортным, яна павінна адпавядаць устаноўленым нормам і патрабаванням. Зімой, на жаль, стан праезнай часткі і тратуараў значна пагаршаецца…
Нягледзячы на старанні камунальнікаў, многія вадзіцелі выказваюць незадаволенасць гарадскімі дарогамі. Больш за ўсё засмучаюць недапрацоўкі – нячышчаныя тратуары часам прымушаюць людзей выходзіць на праезную частку. Аб гэтым і іншым паведамлялі грамадзяне ў тэлефанаваннях начальніку ДАІ РАУС Аляксандру Антановічу. 
Усё праверылі на месцах. Як высветлілася, скаргі аўтаўладальнікаў у асноўным аказаліся апраўданымі. Небяспеку стваралі гурбы снегу, якія перашкаджалі выйсці на пешаходныя пераходы, і занесеныя месцы паркоўкі. Апошняя праблема, напрыклад, часта ўзнікае на вуліцы Прывакзальная. А каб прайсці па «зебры”, людзі пратапталі сцежкі ў насыпаных ля абочыны горках снегу. У дзень неафіцыйнай «праверкі” разам з інспектарам ДПС Аляксандрам Батурыным падобнае назіралі ледзь не паўсюдна. Жыхары і госці райцэнтра неаднаразова траплялі ў «пасткі”, расстаўленыя маразамі і моцнымі ападкамі. «Замаскіраваны” снегам лёд на тратуарах і бардзюрах станавіўся прычынай падзенняў і траўм.
Не менш хваляванняў выклікаюць выезды з двароў, дзе ёсць рызыка бакавога заносу. Такая праблема – галаўны боль як для вадзіцеляў, так і пешаходаў. Разам з тым, работа ЖКГ і ДРСУ-101 палепшылася ў плане ўзаемадзеяння з супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі. Цяпер асобы, адказныя за стан дарогі, усё часцей прысутнічаюць падчас высвятлення абставін ДТЗ. Калі ступень віны даказана, яны прыцягваюцца да адказнасці. Дарэчы, у гэтым годзе вышэйназваным арганізацыям ужо давялося паплаціцца грашовымі штрафамі за недапрацоўкі.
Характэрна, што ў зімовы перыяд асноўнай прычынай аварый становіцца няправільны выбар хуткасці і незахаванне дыстанцыі. Цяпер рэдка сустрэнеш аўтамабіль на шынах летняга тыпу – хіба толькі самыя смелыя вадзіцелі здольны на такія «подзвігі”. Ды і вучэбныя транспартныя сродкі з «навічкамі” не трапляюць у поле зроку ДАІшнікаў як нядобранадзейныя. Атрымліваецца, «апошняе слова” застаецца за дарогай. Менавіта яе стан у асноўным уплывае на колькасць і вынікі здарэнняў. А яны бываюць вельмі сумнымі: толькі за снежны студзень на Лунінеччыне зафіксавана 4 ДТЗ, у якіх 3 чалавекі атрымалі цялесныя пакалечанні, 1 – загінуў. Згадзіцеся, што трагічныя выпадкі павінны прымусіць работнікаў дарожнай і камунальнай службаў больш сур’ёзней ставіцца да сваіх абавязкаў…