І жыўнасць, і корм

сталі здабычай невядомага злодзея, які пад покрывам ночы прабраўся на адну з прыватных сядзіб у в. Ракітна.
Аматар да чужога дабра вынес чатыры куры-нясушкі, а разам прыхапіў мех пшаніцы. Варта спадзявацца, што пошукі праваахоўнікаў увянчаюцца поспехам, і тады “гурману” давядзецца адказваць па ўсёй строгасці закона.

РАСПЕРАЗАЛІСЯ ХУЛІГАНЫ
Даўно ўжо нікога не здзіўляюць прыкрыя роспісы на сценах дамоў, а вось выпадкі пашкоджання бетанаванай агароджы пасля таго, як аператыўнікі ўстанавілі некалькі паскуднікаў, сталі больш рэдкімі. І ўсё ж здараюцца.
У Лунінцы на ціхай вуліцы Астроўскага раніцай жыхары ўбачылі раструшчаныя два пралёты агароджы.

КРАДЗЕЖ, ЯКОГА НЕ БЫЛО
Жыхарка Лунінца паспяшалася заявіць у міліцыю аб прапажы кашалька з грашамі. Мабыць, адчай перашкодзіў жанчыне дакладна ўспомніць, дзе і калі яна пакінула зберажэнні.
Так ці інакш, пры больш старанным абследаванні з прыцягненнем міліцыі, “прапажа” была знойдзена на рабочым месцы. Усе грошы – у цэласці.
Гэты выпадак можна лічыць шчаслівым выключэннем з дастаткова вялікага пераліку колькасці крадзяжоў, ускоснай падставай для якіх стала няўважлівасць і абыякавасць саміх пацярпелых. Сярод украдзенага – мабільны тэлефон у Лунінцы, дарожныя веласіпеды ў Дзятлавічах і райцэнтры, грошы ў жыхаркі Сітніцы. Дарэчы, апошняе злачынства раскрыта, як кажуць, па гарачых слядах. На валютныя зберажэнні 58-гадовай жанчыны паквапіўся непрацуючы аднавясковец, якога ўжо затрымалі.
А вось злодзея, які “абчысціў” дом пенсіянера ў Язвінках, шукаюць дагэтуль. Даверлівасць каштавала 80-гадоваму старому ўсяго, што схаваў на “чорны дзень”.

ЭХ, РАЗ, ЯШЧЭ РАЗ…
На жаль, “многа-многа раз” для жыхара в. Любань наўрад ці атрымаецца.
Летась за ваджэнне аўтамабіля ў п’яным выглядзе ён быў аштрафаваны на 9 мільёнаў 750 тысяч рублёў і пазбаўлены на 3 гады права садзіцца за руль. Аднак прысуд свядома парушыў. У канцы сакавіка яго зноў затрымалі на ўласным “Опелі”. Цяпер спакуса пакатацца без пасведчання вадзіцеля будзе каштаваць парушальніку яшчэ даражэй.

“ЧЫРВОНЫ” ЧОРНЫ ПЕВЕНЬ
Абгарэлым дахам сустракае цяпер прахожых дом па вуліцы Чырвоная ў Кажан-Гарадку.
Прычынай пажару, па папярэдніх звестках, стала няспраўная электраправодка.