Нічыйныя СТАРЫЯ

Тэму чарговай раённай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй прадыктаваў час. Як падкрэсліў пракурор раёна Аляксандр Карлюк, абарона састарэлых, якія па прычыне свайго ўзросту іншы раз не могуць пастаяць за сябе, у поўнай меры рэалізаваць свае правы і законныя інтарэсы, невыпадкова апынулася пад увагай кампетэнтных службаў. Летась у раёне адзначаны рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў менавіта ў дачыненні да гэтай катэгорыі грамадзян. Заўважана істотнае – у два разы – павелічэнне колькасці разбояў і хуліганстваў. І ўсё ж найбольшую ўдзельную вагу ў агульнай структуры складаюць крадзяжы – амаль 63 працэнты. Зразумелую занепакоенасць выклікае той факт, што трэць іх так і засталіся нераскрытымі. Дагэтуль не ўстаноўлены вінаватыя ў адным разбоі.

Няпростая крымінагенная сітуацыя захоўваецца і сёлета. Так, з пачатку года ў дачыненні да састарэлых жыхароў учынена 18 злачынстваў, з якіх адно – асабліва цяжкае. Як паказалі вынікі праведзенага пракуратурай раёна аналізу, адной з прычын такога становішча з’яўляюцца пралікі ў дзейнасці раённага аддзела ўнутраных спраў і некаторых іншых зацікаўленых ведамстваў. Што гэта за пралікі, расказала старшы памочнік пракурора раёна Марына Грабовіч.

Перш за ўсё, ігнараванне галоўнага прынцыпа прафілактычнай работы – індывідуальнага падыходу да грамадзян, якія абгрунтавана павінны знаходзіцца ў полі зроку праваахоўнікаў. У якасці доказу было прыве-дзена нямала яскравых выпадкаў.

Параўнаўча нядаўна 46-гадовы П. вярнуўся з месцаў зняволення. Прытулак знайшоў у састарэлай маці і айчыма. Жыць, як добрапрыстойныя людзі, уладкавацца на працу нават і не падумаў. Бясконцыя п’янкі, скандалы і бойкі. Аб’ектамі здзекаў перыядычна станавіліся блізкія людзі. Летась ад рук дэбашыра пацярпеў айчым – з пабоямі стары чалавек трапіў у бальніцу. Праз некаторы час дамашні тыран моцна збіў маці. На працягу двух год на парушальніка парадку было складзена 8 адміністрацыйных пратаколаў.

Гэтым праваахоўнікі абмежаваліся, хаця былі ўсе падставы для таго, каб патэнцыяльнага злачынцу, які не раз пагражаў блізкім забойствам, спачатку папярэдзіць, а потым паставіць на прафілактычны ўлік і вынесці абароннае прадпісанне. Узяць, вобразна кажучы, пад “каўпак” няспыннага кантролю, які б не дазваляў п’яні-цы і хулігану адчуваць сябе вальготна і беспакарана.

Нешта падобнае доўгі час адбывалася ў сям’і Б. 40-гадовы сын раней быў судзімы за здзекі над бацькам: у стане алкагольнага ап’янення нанёс апошняму цяжкія цялесныя пакалечанні ў выглядзе шматлікіх пераломаў з пашкоджаннем лёгкага. Пасля таго, як выйшаў з-за кратаў, “чорную справу” не пакінуў, за што неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. Далей гэтага справа не пайшла, і супыну, можна сказаць, дамашняму тырану проста не было. Прыкладна такое ж становішча яшчэ ў адной сям’і. З той толькі розніцай, што тут сын здзекваўся над маці.

Словы суправаджаліся фота-здымкамі, глядзець на якія без болю было проста немагчыма. Тая акалічнасць, што злачынныя фігуранты акрэсленых эпізодаў дэманстравалі ўстойлівую негатыўную лінію паводзін, павінна была насцярожыць супрацоўнікаў РАУС, аднак гэтага не адбылося. На думку Марыны Грабовіч, менавіта вынясенне абароннага прадпісання магло б стаць сродкам дзейснага ўплыву на абста-віны, стрымаць магчымае трагічнае развіццё падзей. Ды толькі ні ў адным з прыведзеных выпадкаў названая мера індывідуальнай прафілактыкі так і не была прыменена.

Няхай не думае недаверлівы чытач, што аўтар свядома згушчае фарбы. Як сведчыць практыка, у такіх сітуацыях да трагедыі – адзін крок. Як гэта адбылося з 82-гадовым пацярпелым Л. У адзін з дзён яго знайшлі моцна пабітым і непрытомным ва ўласным доме. Як высветлілася, рукамі, нагамі і нават абухам сякеры небараку пакалечыў сабутэльнік. Дом даўно меў вядомасць самага сапраўднага прытону, дзе ледзь не штодня збіраліся асобы, якія злоўжываюць алкаголем. Пра гэта ведалі не толькі суседзі, але і міліцыя, і нават сельвыканкам, куды рэгулярна паступалі сігналы на нядобранадзейных насельнікаў жытла. Вось толькі належнай рэакцыі не дачакаліся.

Такая адсутнасць узаемадзеяння паміж праваахоўнікамі і мясцовай уладнай “вертыкаллю” самым адмоўным чынам уплывае і на сітуацыю з гібеллю людзей на пажарах. Сёлета ахвярамі агню ўжо сталі 8 чалавек, пры гэтым трое з іх – людзі пенсійнага ўзросту. Так, летась у агні загінуў адзін з жыхароў Мікашэвіч. Прычына – неасцярожнае карыстанне агнём пры курэнні. Аднак экспертыза паказала, што ў момант смерці небарака быў п’яны ледзь да непрытомнасці. Пра тое, што загінуўшы вёў амаральны лад жыцця, стаяў на ўліку ў нарколага і нават накіроўваўся ў лячэбна-прафілактычны прафілакторый, ведалі ўсе. Аднак пазіцыя тых, хто адказвае за бяспеку, больш нагадвала сузіральную, што ўрэшце і прывяло да бяды.

А бывае і так, што патэнцыяльныя “ахвяры жыццёвай нядобранадзейнасці” да часу проста не трапляюць у поле зроку адказных службаў – пра іх цяжкую сітуацыю мала хто ведае. У такіх выпадках на дапамогу павін-ны прыйсці іншыя службы – паштальёны, медыкі, суседзі, звычайныя неабыякавыя людзі.

Закранула Марына Грабовіч і праблему нізкай раскрывальнасці злачынстваў, учыненых супраць пажылых грамадзян. Менавіта ў гэтым кантэксце прагучаў папрок у бок супрацоўнікаў раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. У большасці выпадкаў гэта – агрэхі, дапушчаныя на этапе папярэдняга расследавання. Так, па патрабаванню пракуратуры раёна за мінулы і 4 месяцы гэтага года адноўлена расследаванне па 10 крымінальных справах, якія былі спынены з-за немагчымасці ўстанавіць вінаватых. Як высветлілася, сапраўднай прычынай стала непаўната расследавання і элементарнае грэбаванне правядзеннем неабходных следчых і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Самае крыўднае, што пацярпелымі ва ўсіх гэтых справах былі старыя людзі – чыесьці мамы і таты.

Зрэшты, пра роднасныя адносіны і выкананне абавязкаў дзяцей перад бацькамі варта пагаварыць асобна. Занятыя на працы, абцяжараныя ўласнымі праблемамі, мы, здараецца, не заўсёды знаходзім час для ўласных бацькоў. А бывае, што ў старасці чалавек проста застаецца ў адзіноце.  І тады на дапамогу прыходзіць сацыяльная служба. Статыстыка сведчыць, што сёння ў нашым раёне 18 тысяч пажылых людзей, з іх 1034 – адзінокія і 5963 – адзінока пражываючыя. Многія знаходзяцца пад апекай тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Цэнтрам, і гэта падкрэслівалася асабліва, праводзіцца вялікая работа па аказанню сацыяльных паслуг грама- дзянам. Аднак нямала і тых, хто выпадае з поля зроку сацыяльных работнікаў.

У якасці пацвярджэння – незайздросны лёс адной з састарэлых жыхарак Дрэбска. Даглядае яе ўнучка. Аднак доглядам гэта можна назваць хіба ўмоўна. Сані-тарна-бытавыя ўмовы жудасныя, часта жанчына сядзіць у холадзе пад замком, аўтаномны пажарны апавяшчальнік адсутнічае. У прыкладна такім жа становішчы – 76-гадовы жыхар Кажан-Гарадка К. А калі ўдзельнікі ініцыянаванага пракуратурай рэйда ўбачылі яго сужыцельку, многіх апанаваў жах. Жанчыну знайшлі на падлозе, на целе – глыбокія пролежні, навокал – бруд. Пакуты небаракі закончыліся ў бальніцы, дзе яна праз некаторы час памерла.

Між тым, ва ўсіх выпадках у наяўнасці былі акты абследавання матэрыяльна-бытавога становішча названых грамадзян. Пра іх складаную жыццёвую сітуацыю паведамлялі ў сельвыканкам, аднак адэкватныя меры так і не былі прыняты. Прычым выпадкі такія не адзінкавыя. Іншы раз чакальная пазіцыя работнікаў цэнтра проста становіцца перадумовай трагедыі. Толькі ўмяшальніцтва пракуратуры дазволіла не дапусціць бяды ў сітуацыі з 89-гадовай жыхаркай Велуты Ш. Жанчына вяла замкнуты лад жыцця, дрэнна чула, была псіхічна нездаровай. Пра ўмовы, у якіх яна існавала, і казаць няварта. Звярнулі на ўсё гэта ўвагу толькі пасля таго, як у яе ўкралі грошы. Толькі тады небараку тэрмінова змясцілі на сацыяльны ложак у Краснавольскую ўчастковую бальніцу.

Справядлівасці дзеля варта заўважыць, што і самі старыя, і іх родзічы на такія кардынальныя крокі згаджаюцца далёка не заўсёды. Асабліва, калі ўзяць пад увагу, што амаль уся пенсія ў гэтым выпадку ідзе на аплату ўтрымання падапечных у дзяржаўных установах. І тады шукаюць іншыя шляхі выжывання. Адзін з іх – так званыя дамы сезоннага пражывання, калі ў адной хаце збіраюцца некалькі старых, аб’ядноў-ваючыся ў часовую суполку. Іх апякае сацыяльны работнік, сочачы за тым, каб заўсёды быў хлеб і да хлеба. Нешта падобнае паспрабавалі стварыць і ў нашым раёне. Аднак, па меркаванню Марыны Грабовіч, на званне дома-зімоўкі новая сацыяльная структура можа прэтэндаваць вельмі ўмоўна. Разам з тым, падобныя дамы актыўна развіваюцца ў многіх раёнах вобласці.

Не хацелася б, каб прачытаўшы гэтыя радкі, хто-ніхто падумаў, што сацыяльныя работнікі – гэта тыя, хто нідзе не змаглі ўладкавацца на сур’ёзную працу і проста знайшлі сабе магчымасць, як кажуць у народзе, “перакантавацца”. Насамрэч, у большасці сваёй гэта адказныя і шчырыя людзі, якія робяць добрую справу. Аднак бывае інакш. Як сведчаць дадзеныя, іншы раз на гэтыя пасады прымаюцца асобы, схільныя да ўчынення правапарушэнняў або тыя, хто ўжо меў канфлікты з законам. Здараюцца нават казуістычныя выпадкі. Так, неаднаразова судзімы грамадзянін лічыўся сацыяльным работнікам нават тады, калі адбываў пакаранне, знаходзячыся пад дамашнім арыштам. Ёсць сярод іх п’яніцы, злодзеі, і нават судзімая за забойства нованаро-джанага дзіцяці. Менавіта гэта дало падставы для сур’ёзных прэтэнзій да органаў сацыяльнай абароны ў справе забеспячэння правоў і законных інтарэсаў грамадзян. Забягаючы наперад, скажу, што ў ходзе нарады выпрацаваны дакладны алгарытм дзеянняў, які дазволіць у далейшым пазбегнуць падобных прыкрых выпадкаў.

Зразумела, у ходзе пасяджэння далі магчымасць выказаць свой пункт гледжання тым, каго закранула крытыка. Так, намеснік начальніка РАУС Ігар Жук прызнаў упушчэнні ў прафілактычнай рабоце. Аднак, акрэсліўшы крымінагенную сітуацыю з пачатку года, так і не здолеў адказаць на пытанне, колькі сем’яў сёлета ўзялі пад кантроль з-за таго, што ў іх учыняецца насілле над састарэлымі – назваў толькі агульную лічбу выяўленых сямейных дэбашыраў. Спробу апраўдаць такую бяздзейнасць спыніў Аляксандр Карлюк. Па яго словах, на пачатак года пракуратурай было выяўлена каля сотні асоб, якія павінны стаяць на прафілактычным уліку, але па невядомых прычынах выпалі з поля зроку РАУС. Начальнік ведамства Юрый Лемяшэўскі патлумачыў, што зараз сітуацыя выпраўлена. Большасць з гэтага спісу – пад кантролем супрацоўнікаў міліцыі.

Нямала пытанняў у ходзе абмеркавання гучала з вуснаў першага намесніка пракурора вобласці Сяргея Тураўца і старшага памочніка Юліі Смалярук. Усё пачутае і ўбачанае ўзрушыла іх. “І ўсё ж няварта думаць, што сітуцыя ў Лунінецкім раёне – катастрафічная, не менш складаная яна ў цэлым па вобласці, – падкрэсліў Сяргей Іванавіч. – Многае робіцца і многае ўжо зроблена ў плане абароны састарэлых людзей. Узяць хоць бы той жа Лахвенскі сельсавет, дзе знайшлі грошы, каб устанавіць у некаторых дамах адзінока пражываючых грама-дзян трывожную кнопку з гукавой сігналізацыяй. Думаю, больш выверана будуць падыходзіць да выпраўлення сітуацыі і ў іншых населеных пунктах. Таму вельмі правільным лічу рашэнне раённых улад вынесці абмеркаванне гэтых праблем на такую сур’ёзную нараду. Плён не прымусіць сябе чакаць”.

У праўдзівасці гэтых слоў сумнявацца не давялося. Грунтоўнасць падыходаў да іншы раз вельмі няпростых лёсаў састарэлых людзей, імкненне зрабіць усё магчымае для таго, каб яны не былі такімі горкімі, дэманстравалі старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Семянчэнка, старшыні Лахвенскага, Бастынскага і Гарадоцкага сельвыканкамаў Людміла Пашкевіч, Фёдар Рашэцкі і Іван Зубко, якія бралі ўдзел у абмеркаванні шматлікіх узнятых праблем.

І ўсё ж асабіста мне дагэтуль не дае спакою перакананне, што ўсе выказаныя ў ходзе нарады папрокі датычылі не толькі супрацоўнікаў ведамстваў, у абавязкі якіх уваходзіць клопат пра састарэлых грамадзян, але і кожнага з тых, чые бацькі дажываюць век, так і не спазнаўшы сапраўднага клопату блізкіх людзей. Так быць не павінна.