Дасягненні, пацверджаныя адданасцю і прафесіяналізмам

У дзяржаўнай сістэме Рэспублікі Беларусь пракуратура займае асаблівае месца. Яно вызначана Канстытуцыяй краіны і Законам “Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь”. Толькі пракуратура ажыццяўляе самастойны і спецыфічны від дзяржаўнай дзейнасці – ажыццяўляе нагляд за дакладным выкананнем нарматыўных прававых актаў, адпаведнасцю Закону судовых рашэнняў па крымінальных, грамадзянскіх і справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, а таксама падтрымлівае дзяржаўнае абвінавачванне ў судах. Аб тым, як спраўляецца з пастаўленымі задачамі невялікі калектыў адпаведнага праваахоўнага ведамства нашага раёна, расказвае пракурор Аляксандр КАРЛЮК.
– Магу з упэўненасцю сказаць, што супрацоўнікі пракуратуры годна выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі. Па-ранейшаму вялікая ўвага надаецца ўзаемадзеянню з іншымі праваахоўнымі і кантралюючымі органамі. У барацьбе са злачыннасцю – а менавіта так можна вызначыць галоўны накірунак работы – гэта дае свой плён. Пачынаючы з 2012 года, адзначаецца ўстойлівае зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных у раёне злачынстваў (у тым ліку і асабліва цяжкіх). Прыкметна менш стала карупцыйных праяў. Істотным чынам уплывае на гэта рэа-лізацыя цэлага комплексу прафілактычных мер. У гэтай насамрэч вельмі важнай рабоце ўклад пракуратуры вельмі істотны. Дастаткова сказаць, што за апошнія пяць год па выніках нашых праверак унесена 313 прадстаўленняў і прыкладна столькі ж вынесена прадпісанняў аб ухіленні дапушчаных парушэнняў закона. Акрамя гэтага, апратэставана амаль 250 незаконных рашэнняў дзяржаўных органаў па пытаннях правапрымяняльнай практыкі. Уявіце толькі, што за гэты час больш як 620 парушальнікаў афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці ўчынення супрацьпраўных дзеянняў, 953 асобы прыцягнуты да дысцыплінарнай, а 312 – да адміністрацыйнай адказнасці. Для 17-ці – умяшальніцтва пракуратуры закончылася развітаннем з займаемымі пасадамі. Уражвае і матэрыяльны бок справы: адказнасць “пацягнула” на амаль 2,5 мільярда рублёў. У цэнтры нашай увагі заўсёды знаходзіцца выкананне Дырэктыў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пад пільным наглядам – захаванне бяспечных умоў працы на вытворчасці. Такая прынцыповая пазіцыя садзейнічае змяншэнню колькасці выпадкаў вытворчага траўматызму, што адзначалася і ў ходзе нядаўна прайшоўшага на Лунінеччыне Дня аховы працы. Пракуратура раёна актыўна ажыццяўляе нагляд і ў іншых асабліва значымых сферах праваадносін, асабліва калі гаворка ідзе пра базісныя сектары сацыяльна-эканамічнага жыцця пры распараджэнні дзяржаўнай уласнасцю і бюджэтнымі рэсурсамі.
– Асобная старонка ўзначальваемага вамі нагляднага ведамства – дзяржаўнае абвінавачванне ў судзе. Пры безумоўным дзеянні прынцыпа роўнасці бакоў ад таго, наколькі прафесійна дзяржаўныя абвінаваўцы выконваюць свае абавязкі, урэшце, залежыць, якую кропку паставіць суд. Як часта даводзіцца выпраўляць недакладнасці, дапушчаныя іншымі? Прычым не толькі ў ходзе судовых разбіральніцтваў, а прыкметна раней – на стадыі дазнання і папярэдняга следства?
– Пастаянна працуем над павышэннем якасці падтрымання дзяржаўнага абвінавачвання ў судзе. За апошнія пяць год пракуроры падтрымалі абвінавачванне па амаль 1200 крымінальных справах. Адначасова былі прынесены пратэсты на 133 судовыя пастановы. Акрамя гэтага, ажыццяўлялі нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па грамадзянскіх справах, якіх было больш як 1000. Па нашых пратэстах выпраўлены судовыя памылкі па 65-ці грамадзянскіх справах. Датычылі яны жыллёвых, працоўных і іншых спрэчак. Нярэдка даводзілася абараняць дзяржаўныя інтарэсы. Магу сказаць, што агульныя і эканамічныя суды задаволілі больш як 950 іскаў пракурора і вышукалі з вінаватых амаль 9 мільярдаў рублёў. Што датычыць паўнамоцтваў у сферы нагляду за органамі дазнання і папярэдняга следства, то за пяць год адменана 530 пастаноў па крымінальных справах, якія ўзбу-джаліся без дастатковых для гэтага падстаў. Разам з тым, зноў жа па нашых пратэстах узбуджана больш як 60 крымінальных спраў, дзе яскрава прасочваўся злачынны намер. З іх 9 – карупцыйнай накіраванасці. З санкцыі пракурора накіравана ў суд 1559 крымінальных спраў. Больш таго, строга сочым за тым, як забяспечваецца законнасць яшчэ на стадыі рэгістрацыі ў праваахоўных органах заяў і паведамленняў аб злачынствах. Такі падыход дазволіў дабіцца істотнага скарачэння колькасці злачынстваў, якія ўтойваліся ад уліку.
– Аляксандр Паўлавіч, разумею, што нават напярэдадні такога значнага юбілею абысці рабочыя моманты немагчыма. І ўсё ж, як сустракаеце 95-гадовы юбілей органаў пракуратуры Рэспублікі Беларусь?
– З настроем працягваць слаўныя традыцыі, закладзеныя лепшымі пракурорскімі работнікамі краіны. Ды і багатая гісторыя пракуратуры Лунінецкага раёна абавязвае да многага. Яна адлюстравана ў кнізе, падрыхтаванай і выдадзенай напярэдадні знамянальнай даты. Варта сказаць, што калектыў наш высокапрафесійны, хоць і вельмі малады. Тым не менш, гэта адукаваныя, ініцыятыўныя, адданыя справе спецыялісты, якія валодаюць такімі важнымі чалавечымі якасцямі, як непадкупнасць, прынцыповасць, імкненне самаўдасканальвацца і мужнасць. Усе гэтыя рысы вельмі неабходны для выканання адказных і складаных задач, пра якія гаварыў вышэй.

Паважаныя калегі,  дарагія ветэраны органаў пракуратуры!
Прыміце шчырыя віншаванні з 95-годдзем з дня ўтварэння Пракуратуры Рэспублікі Беларусь! Створаныя ў эпоху пятроўскіх часоў, органы пракуратуры прайшлі слаўны шлях беззапаветнага служэння закону і справядлівасці. Беларуская пракуратура і сёння з гонарам ажыццяўляе сваю місію – забяспечвае прававую стабільнасць у нашай краіне, з’яўляецца інстытутам захавання гарантаваных законам правоў і свабод грамадзян.
Пракурорскія работнікі – высокапрафесійныя юрысты. Упэўнены, што іх веды, вопыт і самаадданасць заўсёды будуць накіраваны на служэнне Беларусі ў імя яе ўмацавання і росквіту.
Большасць з вас, дарагія калегі, па поклічу душы выбралі вельмі няпросты від дзейнасці і з годнасцю выконваюць сваю работу, працягваючы і памнажаючы слаўныя традыцыі папярэднікаў. Выказваю шчырую ўдзячнасць за сумленнасць і прынцыповасць, важкі ўклад у агульную справу. Жадаю бадзёрасці, паслядоўнасці ў справах, удачы, прафесіяналізму і чалавечнасці. Здароўя вам і вашым блізкім, дабрабыту ў сем’ях, стойкасці, жыццёвай энергіі, жадання аддана служыць выбранай прафесіі.

«Узяўся за гуж –  не кажы,што не дуж…»
Старшы памочнік пракурора Марына ГРАБОВІЧ народную прымаўку называе адным з жыццёвых крэда, а яе адказнасць і стараннасць адзначаюць ва ўсіх калектывах,дзе давялося працаваць. 
Закончыла Мінскі дзяржаўны архітэктурна-будаўнічы каледж – тут вывучала эканоміку – і Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны.
Працоўную дзейнасць у маі 2011-га пачала на Сінкевіцкім заводзе “Палімер” спецыялістам па прававой і кадравай рабоце. Лічыць, што пашанцавала з першым калектывам – вельмі працавітым і сяброўскім, вопыт работы тут быў вельмі каштоўным. 
У красавіку 2013-га Марына Мікалаеўна прызначана на пасаду намесніка старшыні Мікашэвіцкага гарвыканкама, у лютым 2015-га – памочнікам пракурора Лунінецкага раёна, у снежні таго ж года – старшым памочнікам. 
Строгім стылем службовай інструкцыі, юрыст 1-га класа арганізуе і ажыццяўляе нагляд за адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах суда, а таксама за выкананнем судовых рашэнняў, прымае меры да апратэставання судовых пастаноў, якія не адпавядаюць закону, у касацыйным парадку.

Юрыст са ступенню магістра

Як і іншыя сучасныя выпускнікі юрыдычных факультэтаў, дзве спецыяльнасці – юрыспрудэнцыя і правазнаўства – атрымаў памочнік пракурора Ігар Ціханчук. 
Закончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, затым тут жа – магістратуру. Летась прызначаны стажорам на пасадзе памочніка пракурора Лунінецкага раёна. Са снежня 2016-га – памочнік пракурора. Юрыст 3-га класа арганізуе і ажыццяўляе нагляд за выкананнем заканадаўства пры прыцягненні фізічных і юрыдычных асоб да адміністрацыйнай адказнасці і вызваленні ад яе. У яго абавязках таксама – нагляд за законнасцю разгляду спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях у раённым судзе і дзейнасці адміністрацыйнай камісіі райвыканкама. Арганізоўвае і ажыццяўляе нагляд за выкананнем патрабаванняў Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”, заканадаўства аб барацьбе з п’янствам і наркаманіяй, у тым ліку за законнасцю дзеянняў камісій па барацьбе з п’янствам і назіральных камісій пры райвыканкаме.

«Выбар зрабіла ў першым класе…»
Старшы памочнік пракурора Іна ДЗЕРМАН сямейную легенду пра выбар прафесіі пацвярджае:
– Пры відэаздымцы ў першым класе з юрыдычнай сферы ведала толькі слова “адвакат”, так і адказала на пытанне, кім хочаш стаць, зададзенае аператарам…
Закончыўшы Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, у сакавіку 2013-га стала працаваць у пракуратуры Ляхавіцкага раёна. У лістападзе 2015 года пераведзена ў пракуратуру Лунінецкага раёна, са студзеня 2016-га – юрыст 2 класа, старшы памочнік.
У службовыя абавязкі Іны Расціславаўны ўваходзіць ажыццяўленне нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў, яна фактычна праводзіць праверкі ў мясцовых выканаўчых і распарадчых органах, установах, грамадскіх арганізацыях.
Расказваючы некаторыя эпізоды службовай дзейнасці, здзіўляецца сама сабе:
– Ніколі не думала, што буду хадзіць па палетках і фермах, мехдварах і лясах… Што давядзецца пакідаць у машыне свае модныя туфлі і залазіць у мужчынскія гумавыя боты 44 памеру… Што давядзецца выяўляць карупцыйныя злачынствы, кантраляваць дзяржаўныя закупкі і інвестыцыі… Пералік можна працягваць да бясконцасці. 
З такой жа шчырасцю Іна Расціславаўна выказвае юбілейнае пажаданне:
– Пракурорская праца – вельмі няпростая. Хацелася б, каб дакументы, што прымаюцца намі, былі максімальна эфектыўнымі. Каб пасля напружаных службовых будняў дома заўсёды чакалі блізкія людзі, а ў сем’ях панавалі гармонія і ўзаемаразуменне.

«Умацоўваючы дэмаграфічную бяспеку краіны…»

Два памочнікі пракурора знаходзяцца ў адпачынку па догляду за дзецьмі.
Юлія Гарбачэўская закончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і тут жа – магістратуру. Год працавала выкладчыкам-стажорам, яшчэ два – асістэнтам кафедры дзяржаўна-прававых дысцыплін БДУ. З красавіка 2015 года – стажор на пасадзе памочніка Баранавіцкага міжраённага пракурора, з кастрычніка – памочнік.  У снежні таго ж года стала працаваць у пракуратуры Лунінецкага раёна. Шчыра зычыць:
– У юбілейны год жадаю калегам поспехаў у адказнай працы, разумення і падтрымкі блізкіх.
Вераніка Чарнавокая – выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Накіраваная ў пракуратуру Лунінецкага раёна, у 2014-ым, паралельна з працай, закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна з прысваеннем ступені магістра юрыдычных навук. 
Па родзе службы пазнаёмілася з Сяргеем Чарнавокім. Выпускнік-2005 Лунінецкага ліцэя закончыў прэстыжны факультэт міжнародных адносін БДУ, атрымаў спецыяльнасць “лінгвіст, перакладчык (англійская і нямецкая мовы)” і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “юрыст”. Працаваў у мытнай службе, цяпер служыць следчым Лунінецкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Маладыя людзі, якія ў юрыдычныя органы прыйшлі сапраўды па “закліку душы”, у красавіку 2015 года стварылі шчаслівую сям’ю. 
Вераніка Анатольеўна жадае калектыву, перш за ўсё, цярпення:
– У нас унікальная і ўніверсальная прафесія, на пракуратуру спадзяюцца людзі, і нам трэба апраўдваць іх давер. Тут не можа быць вузкай спецыялізацыі. Неабходна бясконца вучыцца, каб прафесійна арыентавацца ў многіх сферах. У пракурорскага работніка вельмі высокі статус у грамадстве, гэта накладае на нас дадатковую адказнасць. Што да асабі-стага жыцця… Я здзейсніла яшчэ адну сваю мару – стала мамай. Няхай мае калегі будуць шчаслівыя ў сваіх сем’ях, няхай у кожнага абавязкова будуць любімыя “палавінкі” і дзеці.

Галоўная ўзнагарода – прызнанне грамадства»

Намеснік пракурора Лунінецкага раёна Вольга Багатырэвіч – ураджэнка сталіцы Палесся, выпускніца-2009 БДУ. Працавала старшым памочнікам пракурора Пінскага раёна і Пінскай міжраённай пракуратуры, намеснікам пракурора Пружанскага раёна, з ліпеня 2016 года – на гэтай жа  пасадзе ў Лунінцы. 
Заўважае, што радасна, але ўдвая адказна працаваць у калектыве на чале са сваім настаўнікам у прафесіі. Адзначым, што за непрацяглы час пракурорскага служэння Вольга Васільеўна ўдастоена шматлікіх узнагарод. Асабліва дарагой называе Падзяку Пінскага гарвыканкама:
– Знакі прызнання службовай дзейнасці ад пракурора раёна або пракурора вобласці прыемныя як ацэнка калег – сапраўды, працую, не лічачыся з часам. Тут жа адзначылі, што ўпершыню за шмат год дзейнасці ўладных структур уручаецца ўзнагарода за садзейнічанне ў зніжэнні злачыннасці сярод непаўналетніх прадстаўніку органа, які звычайна карае за недапрацоўкі прадстаўнікоў сацыяльнай сферы. Такое прызнанне аднаго з аўтарытэтных кіраўнікоў “вертыкалі” ў дапамозе пракуратуры дарагога каштуе…
У Лунінцы Вольга Васільеўна працягвае напрамак, з якога пачынала працоўную дзейнасць і вяла да прызначэння ў Пружаны, – нагляд за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі. Гаворыць, што гэта дзейнасць – не толькі любімая, але і вельмі важная – працаваць на папярэджанне злачыннасці. Справядліва лічыць, што, чым лепш выхаваем падрастаючае пакаленне, тым менш праблем бу-дзем мець у будучым з пасталеўшымі грамадзянамі. У кампетэнцыю намесніка пракурора ўваходзіць таксама нагляд за выкананнем заканадаўства раённым аддзелам Следчага камітэта.
Пры ўсёй складанасці і вялікім аб’ёме работы Вольга Васільеўна не шкадуе аб тым, што ажыццявіла свае школьныя мары:
– Па-ранейшаму жадаю толькі аднаго, каб як мага менш было злачынстваў, несправядлівасці ў грамадстве ў дачыненні да дзяцей і старых, і раблю ўсё, што ў маіх сілах. На гэтую дзейнасць нас заклікала дзяржава.

«Нашым лёсам стала слова «Закон»
Дванаццаць (апостальскі лік!) работнікаў у складзе цяперашняга калектыву пракуратуры Лунінецкага раёна сустракаюць 95-гадовы юбілей Пракуратуры Рэспублікі Беларусь. Кожны можа сказаць, што вельмі складана абараняць пацярпеўшых ад несправядлівасці, што рашэнні прымаюцца няпроста, але службе аддае сваё сэрца… Пра кожнага можна сказаць, што, з гонарам несучы званне пракурора, чужую бяду ўспрымае, як сваю, што служыць Закону не за страх, а за сумленне… Быццам ад іх імя – словы з песні, якая сцвярджае простыя ісціны:

«Два меча на щите – это честь и порядок, 
Если люди в беде – 
мы всегда будем рядом! 
Прокурорский погон, форма синего цвета, 
Кто преступит Закон – 
тот ответит за это…».

Паважаючы традыцыі папярэдніх пакаленняў, захоўваючы добрыя пачуцці аб былых калегах, якія падчас вайны і ў мірныя дні змагаліся за перамогу дабра над злом, абараняючы лёсы людзей – народа сваёй Айчыны, калектыў пракуратуры Лунінецкага раёна такім жа сумленным і шчырым служэннем і цяпер забяспечвае вяршэнства Закона: у памяць пра папярэднікаў, у славу тых цяпер жывучых, у прыклад нашчадкам.