Зноў у клас пакліча  званок

Пачатак навучальнага года сімвалізуе чарговы этап у жыцці дзіцяці. Ставіць перад ім новыя задачы і мэты, усяляе веру ў перамогу. Бацькі захоплена рыхтуюцца да важнай даты, разам з сынамі і дочкамі набываюць усё неабходнае. А ці ўсё гатова да прыёму дзяцей у школах Мікашэвіч? Што новага чакае хлопчыкаў і дзяўчынак у 2017/18 навучальным годзе?

Прыгажосць і камфорт – сумеснымі намаганнямі

Адна з адметных асаблівасцей СШ №1 горада Мікашэвічы – вялікая  (амаль у паўтара гектара) тэрыторыя навучальнай установы. Утрымліваць у чысціні і парадку такую плошчу – няпростая задача. Аднак, мяркуючы па акуратным газоне, кветачніцам з дрэва і металу з дагле-джанымі раслінамі і вечназялёнымі насаджэннямі, калектыў паспяхова спраўляецца з ёю.

–  Гэта толькі пачатак запланаваных работ па добраўпарадкаванню,  – расказвае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана Ліхтар.  – На чарзе – замена старых пешаходных дарожак: 175 квадратных метраў пліткі ў якасці фундатарскай дапамогі выдзеліў калектыў ААТ «Спецжалезабетон».

У летнія канікулы педагогі і тэх-нічны персанал з бацькамі вучняў не сядзелі без справы. Цалкам змяніліся амаль 20 навучальных памяшканняў і кабінетаў адміністрацыі. Сёмы раз Алена Фурман павядзе ўчарашніх дашкалят па свеце ведаў. У чаканні першай сустрэчы з новымі выхаванцамі настаўніца стварыла максімальна камфортныя ўмовы для хуткай адаптацыі дзяцей. Кабінет радуе бляскам падлогі, прыемным мятным колерам сцен і сучаснымі навучальнымі дапаможнікамі на паліцах, сярод якіх галоўнае месца займае буквар. 

– Плануецца, што 1 верасня школьны званок упершыню празвініць для 75 першакласнікаў. Адукацыйны працэс 763-ох вучняў забяспечвае 71 педагог. З іх 15 – спецыялісты вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і 48 – першай,–  гаворыць С.П. Ліхтар.

Высокія тэхналогіі – звыклая справа

У двары СШ №2 было шмат дзяцей. Асабліва вылучалася група хлапчукоў і дзяўчынак, якія аглядалі вертыкальныя кветнікі і іншыя ўпрыгожванні: іх колькасць за лета на тэрыторыі школы павялічылася. Праўда пры з’яўленні фотаапарата са смельчакоў засталіся толькі Ілья Царкевіч, Дзмітрый Кучынскі і Ілья Юнкевіч.

 –  Не паверыце, але засумавалі па школе, настаўнікам, таварышам па вучобе і гульням. Мы ўсе – аднакласнікі з 5 «Б». За лета назапасілася столькі навін! Гутарак хопіць на некалькі месяцаў наперад. А яшчэ трэба атрымаць падручнікі, даведацца пра расклад урокаў і іншае.

Па традыцыі шмат  увагі ў СШ №2 надалі бягучаму і капітальнаму рамонту класаў, медыцынскага кабінета, актавай, трэнажорнай і спартыўнай залаў, сталовай. Будаўні-чыя  работы  калектыў ажыццяўляў як самастойна, так і з дапамогай бацькоў. Таты з мамамі працавалі ў кабінеце рускай мовы і літаратуры. 

– Нашы настаўнікі ўсё часцей бяруць на ўзбраенне высокія тэхналогіі, – расказвае дырэктар Эдуард Ярмоліч. – Да пачатку чарговага навучальнага года ў памяшканнях пачатковага звяна ўстанавілі сучасныя тэлевізары з функцыяй SMART-ТV, якія забяспечаць выхад у інтэрнэт і дазволяць выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе розныя аўдыё- і відэадапаможнікі, у тым ліку – прама з сусветнага павуціння. Акрамя таго, у верасні чакаем паступленне кабінета інфарматыкі па прынцыпе «10+1».  Нашы трэцякласнікі стануць удзельнікамі праекта «Электронны дзённік і журнал», рэалізацыя якога стартуе з пачаткам новага навучальнага года.

У чаканні выхаванцаў

Хутка і памяшканні Мікашэвіцкай гімназіі імя У. Нядзвед-скага напоўняцца дзіцячым рознагалоссем. А пакуль тут уносяць апошнія штрыхі ў падрыхтоўцы элітнай установы да 2017/18 навучальнага года: завяршаюць рамонт цэнтральнага ганка і ўкладваюць новы лінолеум у сталовай.

– За час свайго існавання мы станавіліся інавацыйнай пляцоўкай для дзясятка розных цікавых ідэй у галіне нацыянальнай педагогікі. Чарговы праект  «Укараненне мадэлі «Перавёрнуты ўрок», як механізма павышэння якасці адукацыі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі» стартаваў у мінулым навучальным годзе і працягнецца да 2019-га. Таксама ў цэнтры ўвагі застанецца сістэма электронных дзённікаў і журналаў, – расказвае  намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Вабішчэвіч.

Папоўніцца калектыў і новымі педагогамі. У элітнай установе пачнуць працоўную дзейнасць два маладыя спецыялісты. Выпускніца СШ №1 г. Мікашэвічы Кацярына Ляшкевіч закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна і вярнулася на малую радзіму настаўнікам геаграфіі. Па меркаванню дзяўчыны, зрабіць  першыя самастойныя крокі ў рабоце ў калектыве прафесіяналаў – удалы старт!