«Баец – па жыцці»

Так характарызуе сябе старшыня праўлення ЗАТ “Другі нацыянальны тэлеканал”, ураджэнец Лунінца Марат Маркаў. Яго візіт на малую радзіму адбыўся на наступны дзень пасля сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі і калектывамі буйнейшых СМІ краіны. Таму наша размова пачалася з таго, што папрасіла Марата Сяргеевіча падзяліцца ўражаннямі аб гэтым важным мерапрыемстве не толькі для нас, журналістаў, але і для кожнага.

– Такой сустрэчы не было даўно. За час маёй работы на тэлебачанні, а я ў гэтай сферы 7 год, дыялог у такім фармаце адбыўся ўпершыню. Гэта была ўнікальная магчымасць агучыць існуючыя праблемы і атрымаць ацэнку Прэзідэнта краіны. Па яго словах, сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, пэўнымі фактамі, глыбокай аналітыкай. І наша задача – абудзіць цікавасць, утрымаць чытачоў і гледачоў. Сучаснае тэлебачанне – гэта новае тэлебачанне. Але ў старых сценах – будынкам, у якіх працуюць тэлевізіёншчыкі 40-60 год, – зрабіць крок наперад складана. Таму вельмі актуальна прагучала прапанова пабудаваць у Беларусі сучасны медыяцэнтр. Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што такі медыяцэнтр у краіне з’явіцца, але не ў бліжэйшы час, паколькі цяпер ідзе падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў. Да таго ж, неабходна завяршыць будаўніцтва шматлікіх сацыяльных і спартыўных аб’ектаў. Скарыстаўшыся момантам, запрасіў Аляксандра Лукашэнку на канал “ОНТ”. Ён не выключыў такую магчымасць.

– Чаму выбралі журналістыку?

– Ваенна-інжынерная адукацыя дала мне лагічнае мысленне, уменне думаць, аналізаваць, раскладваць па паліцах. Юрыдычная і эканамічная, а таксама аспірантура Акадэміі кіравання дапамаглі развівацца ў новых сферах, атрымліваць новыя веды. Гэта толькі здаецца, што сувязі з журналістыкай няма. Тэлебачанне аб’ядноўвае людзей розных спецыяльнасцей. Добры журналіст сёння – гэта прафе-сіянал, які павінен мець шырокі кругагляд. Для таго, каб весці размову пра якія-небудзь падзеі ці працэсы, неабходна самому ў іх разбірацца. І яшчэ, тэлебачанне – гэта драйв. За 7 год не было дня, калі не хацеў бы ісці на работу. Мне пашанцавала, я знайшоў тую сферу дзейнасці, якой хацеў займацца ўсё жыццё.

– У 2011-ым вы занялі пасаду намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі. Неўзабаве паявіўся ваш аўтарскі праект “Буйным планам”. Кожны выпуск – эксклюзіў, кожны герой праграмы – персона знакавая. Чыноўнікі, палітыкі, бізнесмены, дзеячы культуры і славутыя спартсмены… Якія сустрэчы пакінулі найбольш яркі след?

– Выпускаў было больш за 50. Да кожнай размовы рыхтаваўся вельмі скрупулёзна і ўважліва. Кожная – па-свойму цікавая. Так, збіраючы матэрыял да гутаркі з першым прэм’ер-міністрам Беларусі Вячаславам Кебічам, знайшоў у сваім архіве фотаздымак, які прыхапіў на перадачу. На ім – вядомы беларускі палітык, Біл Клінтан і я. Гэта быў 1994 год. Рыхтуючыся да сустрэчы Прэзідэнта ЗША, у краіне была створана першая рота Ганаровага каравула. І я ўвайшоў у яе склад. Так паявілася гэтае цікавае фота.

Расійскі палітык Генадзь Зюганаў пажартаваў: “Вы ведаеце пра мяне больш, чым я сам…”. Прыемна было пачуць такія словы. Дагэтуль у памяці выпускі са старшынёй цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай, са спікерам расійскага парламента Валянцінай Матвіенка, Міністрам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ігарам Шуневічам, хірургам Алегам Румо… Іншы раз дыялогі працягваліся 1,5 гадзіны. І ўвесь гэты матэрыял трэба было ўмясціць у 26-хвілінны выпуск. Зразумела, што многа цікавых фактаў засталося за кадрам…

– У сакавіку мінулага года вы ўзначалілі канал “ОНТ”. Вядома, што часу, каб наведваць родныя мясціны не так многа. Як часта прыязджаеце ў Лунінец?

– Пры кожным зручным выпадку. Я прыязджаю дамоў, дзе мяне любяць і заўсёды чакаюць. Нягледзячы на тое, што ўжо шмат год жыву ў сталіцы, мой дом па-ранейшаму тут. Толькі тут магу забыць аб праблемах, клопатах і паўнацэнна адпачыць.

– З чым у вас асацыіруецца паняцце “малая радзіма”?

– Мне пашанцавала нарадзіц-ца ў адным з прыгажэйшых палескіх гарадоў, дзе я зрабіў першыя крокі, пайшоў у школу, стаў Чалавекам, навучыўся адрозніваць дрэннае ад добрага, любіць, паважаць людзей. Я выпускнік лунінецкай СШ №2. Калісьці яна размяшчалася ў будынку насупраць гасцініцы “Юбілейная”. Цяпер тут – блок пачатковых класаў СШ №1. Гэта побач з маім домам. А потым пабудавалі новую школу на Лісовіча, даводзілася ісці праз увесь горад. Вось і зараз, калі еду па вуліцы Чырвонай, міма плошчы Леніна, часта ўспамінаю маршрут, па якім дзень за днём на працягу 5 год хадзіў “за ведамі”. Гэта было больш за 30 год таму. За гэты час Лунінец вельмі змяніўся, стаў яшчэ больш прыгожым і ўтульным, асабліва пасля абласнога свята “Дажынкі”. Многія імкнуцца ў сталіцу, але тут няма Прыпяці, дзе можна лавіць рыбу, Белага возера з яго ўнікальнай флорай і фаўнай, няма тых людзей, з якімі вырас. У Лунінцы ёсць усё, што трэба для жыцця. Гэта і спартыўныя аб’екты, выдатная бальні-ца, шырокая сетка гандлёвых кропак. Прычым, усё гэта – у крокавай даступнасці. Тут усе ведаюць адзін аднаго. Лунінец – гэта адна вялікая сям’я.

– З аднакласнікамі сустракаецеся?

– На жаль, жыццё раскідала многіх па розных гарадах і нават краінах. З некаторымі падтрымліваю сувязь у “Аднакласніках”. З большасцю не бачыўся з моманту заканчэння школы.

– Калісьці ў школьныя гады вашым захапленнем быў футбол. Сёння ж у нашым горадзе ёсць

не толькі стадыён, але і плавальны басейн, Лядовая арэна. Калі б зараз давялося выбіраць, якому віду спорту аддалі б перавагу?

– Безумоўна, з задавальненнем наведваў бы ўсе спартыўныя аб’екты. Падабаецца і хакей, і плаванне. Працягваю сябраваць са спортам. На працягу 28 год займаюся ў адной і той жа трэнажорнай зале. Яна невялікая, але вельмі ўтульная і атмасфера там асаблівая. А тры гады таму паяві-лася новае захапленне – цяжкі магутны матацыкл «Харлей». Гэта і адпачынак, і адрэналін. А яшчэ – выдатнае выхаванне сабранасці, канцэнтрацыі, волі.

– А дзе любіце праводзіць водпуск?

– На беразе Балтыйскага мора ў Паланзе, разам з сябрамі. Тут і клімат блізкі да нашага, і атмасфера непаўторная. Але пра тое, што нарадзіўся і вырас на Палессі, ніколі не забываю. Гэта ўнікальны край са сваімі традыцыямі, людзьмі. У чым сакрэт палешукоў? У чым іх фенамен? Якія таямніцы хавае палеская зямля? Чаму палешуком нельга стаць, а можна толькі нарадзіцца? Журналісты нашага канала агучылі адказы на гэтыя пытанні ў новым праекце “Рэпарцёр”.

– А ў чым асаблівасць Марата Маркава?

– Многія лічаць мяне жорсткім і амбіцыйным. Магчыма і так. Я – баец па жыцці. Калі ўпэўнены ў сваёй праваце, буду даказваць і ісці да канца. Цяжкасці мяне не палохаюць, а мабілізуюць. І яшчэ – ніколі не апускаю рукі, з якімі б праблемамі не даводзілася сутыкацца.

P.S.

Заўтра, 21 красавіка, Марат Маркаў, як і ўсе кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і іншых дзяржаўных арганізацыій, прыме ўдзел у рэспубліканскім суботніку на сваёй малай радзіме.