Аб газеце

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі ў складзе БССР Часовае Упраўленне горада Лунінца і Лунінецкага павета прыняло рашэнне аб стварэнні свайго друкаванага органа. Але гэта стала магчымым толькі пасля таго, як першыя загадчык друкарні і адказны рэдактар прывезлі з Мінска беларускі шрыф – у Лунінцы на той час быў толькі лацінскі.

Першы нумар газеты “Авангард”, якая пазней стала называцца раённай, выйшаў 17 кастрычніка 1939 года на дзвюх старонках, другі – на 4-х, на дзвюх мовах – рускай і беларускай. Ужо ў трэцім нумары была змешчана аб’ява аб падпісцы: газета выходзіла 10 разоў на месяц, каштавала 70 капеек або грошаў.

Першы загадчык друкарні Шлома Эльпінер (1917-2003) у 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію, прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне, быў узнагароджаны 8-мю баявымі ордэнамі і медалямі, у 1956 годзе выехаў у Ізраіль. У 2001 годзе яму было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Лунінец”.

Першы рэдактар Іосіф Ханонавіч Загальскі, выпускнік Камуністычнага інстытута журналістыкі, да накіравання ў Лунінец працаваў на такой жа пасадзе ў Камарынскім раёне Гомельшчыны. Ён загінуў пры эвакуацыі ў чэрвені 1941 года.
Яго сакурснік Фёдар Фёдаравіч Жураўскі працаваў адказным сакратаром (пасля вайны займаўся музейнай справай, заснаваў музей А. Блока ў Лапаціне Пінскага раёна). У даваенны час супрацоўнікамі рэдакцыі былі таксама Л. Крымер і Ніна Сямёнаўна Касцючэнка, якая працавала тут і пасля вызвалення раёна.

Вытворчую практыку ў “Авангардзе” праходзіў студэнт КІЖа Аляксандр Андрэевіч Філімонаў, які з Лунінца пайшоў на фронт і ў 1945 годзе стаў Героем Савецкага Саюза. Пасля вайны жыў у Мінску, доктар навук, прафесар, выкладаў у Белдзяржуніверсітэце.
Апошні нумар газеты быў выпушчаны 5 ліпеня 1941 года… У 1943 годзе аднавіўся выпуск раённай газеты “Авангард” – фарматам лістоўкі, у падполлі. Па загаду камандзіра Пінскага партызанскага злучэння В.З. Каржа газету стварала група партызан, на чале якіх стаяў былы настаўнік Пётр Паўлавіч Заяц.

І пасля вызвалення ён заставаўся рэдактарам “Авангарда” – 2-старонкавага органа райкама КПБ і райсавета дэпутатаў працоўных. У 1951-1953 гг. гэту пасаду займаў Васіль Ніканоравіч Дужын, у 1953-1954 гг. – Д. Пруднікаў. У гэты час газета пачала выходзіць на 4-х старонках, тройчы на тыдзень. У 1954-1956 гг. рэдактарам быў Кліменцій Герасімавіч Хвошч, у 1956-1957 – Барыс Абрамавіч Брэўдо, са студзеня па жнівень 1957 – Уладзімір Мікалаевіч Вараб’еў, у 1957-1962 – Аляксей Трафімавіч Каўко.

У гэты час газета змяніла сваю назву і статус – з 28 красавіка 1962 г. гэта ўжо “Ленінскі шлях”, орган Брэсцкага абкама КПБ і абласнога Савета дэпутатаў працоўных пры Лунінецкім вытворчым калгасным упраўленні.

Год газета распаўсюджвалася на два раёны – наш і Столінскі. З 12 красавіка 1963 г. “раёнка” стала органам парткама Лунінецкага вытворчага калгасна-саўгаснага ўпраўлення і раённага Савета дэпутатаў працоўных. Пасля вяртання ранейшай структуры органаў кіравання “Ленінскі шлях” зноў стаў газетай райкама КПБ і райсавета (пазней – гаркама КПБ, гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў).
З мая 1962 г. па ліпень 1970 г. рэдактарам быў Васіль Андрыянавіч Літвінчук, пазней – старшыня Лунінецкага райвыканкама, начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення па справах паліграфіі, выдавецтваў і кнігагандлю.

У 1970-1976 гг. рэдактарам газеты быў Фёдар Іванавіч Хаміцэвіч, у 1976-1988 гг. – Мікалай Віктаравіч Юсціновіч, якому ў 2004 годзе прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Лунінецкага раёна”. У 1988-1994 гг. “раёнку” ўзначальваў Андрэй Міхайлавіч Вышынскі, у 1994-2003 гг. – Таццяна Васільеўна Канапацкая.

Цяпер галоўны рэдактар – Таццяна Пятроўна Вайцяхоўская.

З 1 студеня 1991 г. газета выходзіць пад назвай “Лунінецкія навіны”, з 1992 г. яе сузаснавальнікі – калектыў рэдакцыі, райвыканкам і райсавет.

У розны час у рэдакцыі лунінецкай “раёнкі” працавалі Мікалай Мікалаевіч Калінковіч – краязнаўца, падпалкоўнік КДБ, кандыдат юрыдычных навук, член Саюза пісьменнікаў СССР (1984); Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч – паэт, член Саюза пісьменнікаў СССР (1972); кандыдыты навук Уладзімір Піліпавіч Каліноўскі (быў першым сакратаром Пасольства СССР у Польшчы) і Ганна Сцяпанаўна Лазоўская (узначальвала Глаўліт пры ЦК КПБ); Уладзімір Міхайлавіч Ерамінок (пэўны час быў старшынёй Брэсцкай абласной арганізацыі Саюза журналістаў).

2 thoughts on “Аб газеце

  1. Федор Францевич

    - Edit

    Почему вы с таким опозданием размещаете номера газеиы “Лунинецкие навины”-ровно на месяц .На сайте только 5номеров,неужели Вы считаете,что интересно посетителям Вашего сайта читать газету месячной давности.Я понимаю,что редакция ииздательство терпит убытки из-за потери своих читателей-подписчиков,но ведь газета стала недоступна пенсионерам при пенсии 1600 000 . стоимость1 номера газеты около 15 тыс,и на сайте нет номеров,вы остановились на 5-ом номере,а уже половина февраля!

  2. Лунiнецкiя навiны

    - Edit

    Паважаны Фёдар Францавіч! Давайце разам парадуемся за нашых пенсіянераў, якія чытаюць “Лунінецкія навіны” ў інтэрнэтным ПДФ-фармаце. Думаю, што ўсё-такі большасць з іх чакаюць, калі раёнку прынясе паштальён. Вось на гэтую большасць і будзем арыентавацца. Раім і вам папоўніць рады падпісчыкаў “Лунінецкіх навін”, тым больш, што падпіска на месяц каштуе 28700 рублёў. На месяц, а гэта значыць 8-9 нумароў! А не 15 тыс. адзін нумар, як вы ўпэўнены. Не заводзьце людзей у зман! ПДФ-файлы па-ранейшаму будзем выкладваць са спазненнем, захоўваючы ўпэўненасць, што газета ў такім выглядзе не што іншае, як архіў, а не аператыўны носьбіт навін.

Add Comment